“Паэты планеты”: Італія
31.01.202325 студзеня ў аддзеле замежнай літаратуры Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна адбылася прэзентацыя серыі кніг “Паэты планеты” ад выдавецтва “Зміцер Колас”. Першыя кнігі серыі пабачылі свет у 2016 годзе і прадстаўляюць шэдэўры сусветнай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову.
У гэты раз перакладчык, літаратуразнаўца і выдавец Зміцер Колас прэзентаваў пяць кніг з паэтычнымі творамі выбітных італьянскіх паэтаў Франчэска Петраркі, Джакама Леапардзі, Умбэрта Саба, Сальваторэ Квазімада і Антоніі Поццы.
Наведвальнікі мерапрыемства не толькі даведаліся пра гісторыю стварэння кніжнай серыі “Паэты планеты”, але і паслухалі лекцыю пра італьянскую паэзію ад старэйшага выкладчыка кафедры замежнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алены Гінак.
Разынкай імпрэзы стала сустрэча з перакладчыкамі Лявонам Баршчэўскім і Аксанай Данільчык, якія расказалі пра паэтаў, творы якіх яны перакладалі, прачыталі выбраныя творы па-італьянску і па-беларуску.