«Малая радзіма» у жыцці і жывапісу
24.10.2023Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прадстаўляе сваім пастаянным чытачам і гасцям мастацкую выставу «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў». Гэта карціны жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева і маладой беларускай мастачкі Дар'і Цітовай.
Пра тое, што Радзіма бывае не толькі «вялікая», добра ведаюць многія, не толькі беларусы, але і жыхары сумежных краін. Для большасці з нас, тых, хто з цягам часу перабраўся з маленькіх вёсак і аграгарадкоў у вялікія і шумныя гарады, «малая радзіма» не пусты гук і не «чырвонае слоўца». Гэта тое месца, дзе прайшло дзяцінства, малаленства і юнацтва, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе заўсёды чакае радня, блізкія людзі і даўнія сябры, іншымі словамі – месца, дзе чалавек калісьці, падобна дрэву, пусціў свае карані, якія працягваюць сілкаваць яго жыватворнай сілай нават за многія сотні кіламетраў ад роднага дома.
Свая «малая радзіма» ёсць і ў патрыярха беларускага жывапісу Барыса Аракчэева. На карцінах, якія ўвайшлі ў склад выставы, Барыс Уладзіміравіч адлюстраваў вёску Турбанава (Брэйтаўскі раён Яраслаўскай вобласці), дзе будучы мастак правёў сваё юнацтва, пакуль не быў накіраваны ў Бабруйск у гады Вялікай Айчыннай вайны. Так Беларусь стала другой «малой радзімай» для Барыса Аракчэева, якой ён прысвяціў нямала маляўнічых палотнаў, у тым ліку тыя, на якіх адлюстравана радзіма маладой таленавітай мастачкі Дар’і Цітовай. Яе творчасць прысвечана прыгажосці роднага Калінкавіцкага раёна: старажытныя манастыры і сядзібы беларускай шляхты, і найпрыгажэйшая прырода, характэрная для Прыпяцкага Палесся. Усё гэта хараство можна знайсці на карцінах юнай мастачкі, якая ў свае дваццаць тры гады ўжо з'яўляецца актыўнай удзельніцай рэспубліканскіх фестываляў жывапісу.
Нягледзячы на значную розніцу ў пакаленнях, творчасць Барыса Аракчэева і Дар'і Цітовай аб'ядноўвае не толькі любоў да сваёй «малой радзімы» і захапленне краявідамі, але і агульны падыход да мастацкай творчасці. Своеасаблівая пераемнасць адчуваецца ў маляўнічай экспрэсіі, каляровай напоўненнасці, агульным стылі малюнку з характэрнымі шырокімі мазкамі і наўмысна размытым, часам невыразным заднім фонам. Прыемна бачыць, як маладое пакаленне бярэ лепшае ад сваіх папярэднікаў і працягвае развіваць іх ідэі і знаходкі, абавязкова прыўносячы ў іх нешта сваё – унікальнае і непаўторнае, як «малая радзіма» любога чалавека.
Мастацкая выстава «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў» Барыса Аракчэева і Дар'і Цітовай экспануецца ў перыяд з 19 кастрычніка па 15 снежня 2023 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікала, 4 (хол другога і трэцяга паверха). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.