Акцыя “Reading-локация «Новая зямля» – читают современники”
30.10.2023ДУ “Слуцкая раённая Цэнтральная бібліятэка” з 25 верасня па 25 лістапада 2023 года праводзіць акцыю “Reading-локация «Новая зямля» – читают современники”, прысвечаную 100-годдзю першага выдання паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” ў рамках праграмы культурных мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года” ў 2023 годзе ў горадзе Слуцку.
Менавіта ў Слуцку ў 1923 годзе падчас выкладання на настаўніцкіх курсах паэт упершыню прачытаў слухачам паэму “Новая зямля”, якая з’яўляецца адным з самых значных і вядомых твораў беларускай літаратуры. Якуб Колас працаваў над творам больш за 12 гадоў. Паэму справядліва называюць нацыянальным паэтычным эпасам і брэндам краіны, за ёю замацавалася назва “энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства канца XIX – пачатку XX стагоддзяў”. Глыбокі сімвалічны змест, самабытная паэтычнасць і актуальнасць тэматыкі робяць яе сапраўднай энцыклапедыяй беларускага побыту, свят, нацыянальнай кухні і традыцый простага народа. Тут радасці і нягоды працаўніка, непаўторная прыгажосць роднай прыроды, светлы і паэтычны свет сялянскіх дзяцей.
Да акцыі далучылася ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна”. Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Таццяна Лаўрык прачытала ўрывак з паэмы “Новая зямля” – “Зіма ў Парэччы”. Вынікам акцыі будзе стварэнне відэароліка калектыўнага чытання паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” ўсімі яе ўдзельнікамі, а гэта 100 чалавек. Ролік будзе размешчаны на web-рэсурсах арганізатара, мы таксама пазнаёмім нашых чытачоў з вынікам гэтай унікальнай акцыі!
Сачыце за навінамі!
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства.