Конкурс паэтаў Мінскай вобласці «Слова Купалы да творчасці кліча»

12.02.2024

АфишаГалоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама сумесна з ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна» запрашаюць паэтаў Мінскай вобласці прыняць удзел у конкурсе «Слова Купалы да творчасці кліча». Конкурс мае пастаянны характар і праводзіцца кожныя два гады. У гэтым годзе ён пройдзе ў перыяд з 1 сакавіка па 10 мая 2024 г.

Партнёрамі конкурсу выступаюць Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Выдавецкі дом «Звязда» – газета «Літаратура і мастацтва», Народны клуб кампазітараў і паэтаў «Жывіца».

Конкурс названы ў гонар беларускага песняра – паэта і драматурга Янкі Купалы. Яго творчасць стала літаратурным гімнам беларускага народа, а сам паэт выступіў рупарам сваёй эпохі, услаўляючы людзей, якія жывуць на зямлі «пад белымі крыламі», іх культуру і самабытныя традыцыі. Творчая спадчына Купалы застаецца як ніколі актуальнай і дагэтуль, бо паэт гаварыў і пісаў пра вечныя духоўныя каштоўнасці, услаўляў родную Беларусь і заклікаў іншых пісьменнікаў і паэтаў прытрымлівацца яго прыкладу. Праз многія дзесяцігоддзі паэтычнае слова Янкі Купалы ўсё так жа моцна і гучна заклікае маладое пакаленне творцаў пісаць пра тое, што ім блізка – пра свае пачуцці, сяброў, прыроду і ўсё, што напаўняе святлом і цяплом сэрца кожнага беларуса.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца дзеці, падлеткі і маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў, якія жывуць у Мінскай вобласці і не з'яуляюцца членамі прафесійных паэтычных і пісьменніцкіх саюзаў і суполак. Кожнаму ўдзельніку неабходна напісаць апавяданне, верш, мініяцюру або эсэ на тэму, якая адпавядае тэмам прапанаваным арганізатарамі конкурсу: «Месца творчасці Купалы ў сучаснай рэчаіснасці», «Слова светлае, слова шчырае…», «Люблю цябе, мая Радзіма!». Твор неабходна даслаць на электронную пошту конкурсу kupalayan@yandex.ru у перыяд з 1 сакавіка 2024 г. па 10 мая 2024 г. Фінал і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца 25 мая 2024 года ў рамках форуму маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча» ў Лагойскім раёне.

Работы прымаюцца на беларускай і рускай мовах.

Тэлефон для даведак: +375 (17) 373-70-43 (аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці).

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.