Творчы вечар Зіновія Прыгодзіча

16.10.2024

АфишаУ Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна 18 кастрычніка 2024 года ў 14:00 адбудзецца творчы вечар «Імгненні творчасці Зіновія Прыгодзіча» заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, кандыдыта філасофскіх навук Зіновія Кірылавіча Прыгодзіча.

Зіновій Прыгодзіч – вядомы беларускі празаік, паэт, журналіст і публіцыст, аўтар каля 40 мастацкіх і дакументальных кніг. Член Прэзідыуму Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, а таксама прэміі «Залотое пяро». Сярод кніг пісьменніка вылучаюцца аповесці «Журавы на далёкай пойме», «Ноч перад нядзеляю», зборнік нарысаў «Жменя зярнят», кніга лірычнай прозы «Журба мая светлая», а таксама знакамітыя трылогіі – «Постаці» і «Созидатели», прысвечаныя выбітным дзеячам беларускай культуры.

У рамках творчага вечара, прымеркаванага да 80-гадовага юбілею пісьменніка, адбудзецца творчая сутрэча з Зіновіем Прыгодзічам, яго сябрамі і калегамі. На мерапрыемства запрошаны такія знакавыя асобы беларускай культуры, як выдатная артыстка Марыя Захарэвіч, кампазітар Леанід Захлеўны, пісьменнікі і паэты Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. На сустрэчы таксама адбудзецца прэзентацыя кніг аўтара – аўтабіяграфічнага выдання «Шчасце – служыць дабру» і зборніка аповесцяў і апавяданняў «Тепло поздней осени».

Творчы вечар «Імгненні творчасці Зіновія Прыгодзіча» адбудзецца 18 кастрычніка 2024 года ў 14:00 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала). Уваход вольны.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.