Бібліятэкі Міншчыны на абласным свяце “Дажынкі-2024” у Валожыне

21.10.2024

Афіша

19 кастрычніка 2024 года публічныя бібліятэкі Мінскай вобласці прынялі ўдзел у абласным свяце “Дажынкі-2024”. Дырэктар ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна” Наталля Вашчыла наведала свята, якое ў гэтым годзе праходзіла ў г. Валожыне. Самыя разнастайныя ініцыятывы, конкурсы, квэсты, гульні, майстар-класы былі прадстаўлены на інтэрактыўных бібліятэчных пляцоўках.

Бібліятэчныя пляцоўкі ДУ “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка”, ДУ “Дзяржынская раённая цэнтральная бібліятэка”, ДУ “Мінская раённая цэнтральная бібліятэка”, ДУ “Мядзельская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка”, ДУК “Чэрвеньская цэнтральная раённая бібліятэка” разгарнуліся ва ўнутраным дворыку палаца-паркавага ансамбля Тышкевічаў.

Тут былі арганізаваны цікавыя касцюміраваныя фотазоны, на якіх з задавальненнем госці свята маглі зрабіць памятныя фотаздымкі. Бібліятэкі знаёмілі з беларускай літаратурай, прысвечанай хлебаробам, сялянскай працы, жніву; наведвальнікаў зацікавілі турніры, смачныя квізы і выставы-дэгустацыі страў з твораў беларускіх пісьменнікаў. На мерапрыемстве гучалі творы майстроў беларускага слова, праходзілі тэатралізаваныя інсцэніроўкі па матывах творчасці пісьменнікаў, беларускія народныя гульні і іншае.

Да падрыхтоўкі раённых лакацый на Дажынках далучыліся таксама і многія іншыя бібліятэкі Мінскай вобласці. Свята прайшло маштабна, з размахам!

Сустрэнемся на “Дажынках-2025”!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства.