Вясну сустракай кветкамі: персанальная выстава Вікторыі Дзямешка
05.03.2025Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прадстаўляе ўвазе сваіх пастаянных чытачоў і гасцей персанальную мастацкую выставу Вікторыі Дзямешка «Ад рэальнасцi да вобразу…».
Нягледзячы на тое, што апошняя зіма ў Беларусі была беднай на снег і замаразкі, максімальна наблізіўшыся да зімы еўрапейскай, людзі ўсё ж стаміліся хутацца ў грувасткія курткі і футравыя боты. Вясна, якую немагчыма пераблытаць нават з вельмі цёплай зімой, вось-вось уступіць у свае законныя правы і прырода ажыве яркімі фарбамі, сакавітай зелянінай і кветкамі. Зрэшты, вясновы настрой можна атрымаць ужо цяпер, наведаўшы выставу жывапісу Вікторыі Дзямешка ў Мінскай абласной бібліятэцы.
Жывапіс Вікторыі Аляксандраўны факусуецца на стварэнні асаблівага пачуцця лагоднага сузірання навакольнай прыгажосці і элегантнасці, на якое здольна толькі прырода. За выявамі ўяўнай прастаты палявых, хатніх, дэкаратыўных кветак хаваецца асаблівы свет пахаў, гукаў і адчуванняў, якія мастачка імкнецца перадаць у сваіх палотнах. Створаныя пры дапамозе густых алейных фарбаў, кветкі на карцінах атрымліваюцца аб'ёмнымі, імкнучыся размыць межы паміж палатном і рэальным светам, пакідаючы пасля сябе прыемны смак вясновага кактэйлю, які вельмі хутка заменіць сабой шэрыя зімовыя будні.
Адкрыццё персанальнай выставы «Ад рэальнасцi да вобразу…» Вікторыі Дзямешка адбудзецца 11 сакавіка 2025 года ў 18:30 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.