Брэсцкая вобласць на карце далоняў: мастацкая выстава Мікалая Чалея
07.03.2025Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прадстаўляе ўвазе сваіх пастаянных чытачоў і гасцей персанальную мастацкую выставу Мікалая Чалея «Край Берасцейскі – лёс і гонар мой».
Беларусь вядома ва ўсім свеце як край шырокіх палёў, блакітных азёр і самых маляўнічых лясоў і прыродных паркаў. Несумненна, у кожным кутку нашай краіны можна знайсці захапляючыя прасторы, якія нясуць у сабе не толькі эстэтычнае задавальненне, але і памяць аб часах, што пакінулі глыбокі след на беларускай зямлі. Сярод іншых частак нашай краіны Брэсцкая вобласць займае асаблівае месца ў сэрцы кожнага беларуса. Акунуцца ў неўвядальную прыгажосць і манументальную гісторыю роднага краю прапануе ў рамках сваёй персанальнай выставы ураджэнец горада Бяроза, беларускі мастак Мікалай Чалей.
Карціны Мікалая Мікалаевіча прадстаўляюць шырокую панараму Брэсцкай зямлі, на якой жывуць і працуюць звычайныя беларусы, якія любяць і аберагаюць сваю малую радзіму. І сапраўды – як можна не любіць і не захапляцца маляўнічымі берагамі празрыстых рэк і азёр, ціхімі прасёлкавымі дарогамі, якія сыходзяць у густыя лясы і далей – да самага гарызонту. Гэтыя пастаральныя краявіды не губляюць сваёй прыгажосці ні зімой, ні летам. Яны натхнілі на творчасць мастака, які адлюстроўвае у сваіх карцінах Беларускую прыроду, вясковыя будні сяльчан, дзікіх коней, чыя сіла і воля ўвасабляюць свабодны дух самой Беларусі, а мудрыя і сталыя зубры нагадваюць пра далёкіх продкаў, якія некалі жылі ў гэтых запаведных краях. Разам з тым, гэта зямля ведала і самыя цяжкія часы – у гады Вялікай Айчыннай вайны Брэсцкі край адным з першых прыняў на сябе страшны ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а знакамітая на ўвесь свет Брэсцкая крэпасць стала несмяротным сімвалам мужнасці, стойкасці і непахіснасці перад тварам лютага ворага. Аддаючы даніну павагі ўсім абаронцам роднай зямлі, у рамках выставы таксама прадстаўлена карціна легендарнага манумента Курагана Славы, размешчанага ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці.
Прыхільнікі партрэтнага жывапісу таксама ацэняць прадстаўленыя на экспазіцыі выявы знакамітых спевакоў і музыкантаў Беларусі, сярод якіх Уладзімір Мулявін і Леанід Ярмольнік.
Персанальная мастацкая выстава Мікалая Чалея «Край Берасцейскі – лёс і гонар мой» экспануецца ў перыяд з 6 сакавіка па 6 красавіка 2025 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па вул. Гікалы, 4 (хол трэцяга паверха). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.