Вайна і мір у творчасці Барыса Аракчэева

07.05.2025

Афиша

Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прадстаўляе ўвазе сваіх чытачоў і гасцей выставу мастацкіх работ «Горыч страт. Радасць перамог» беларускага жывапісца і педагога, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1996), уладальніка ордэна імя Францыска Скарыны (2011) Барыса Уладзіміравіча Аракчэева.

Барыс Аракчэеў з тых творцаў,  чые імя знаёма кожнаму, хто шануе і вывучае айчыннае выяўленчае мастацтва. Сення ен адзін з агульнапрызнаных патрыярхаў беларускага жывапісу. Барыс Уладзіміравіч вядомы майстра пейзажу, нацюрморта, партрэта, станковаг жывапісу і батальных сюжэтаў. Тэма Вялікай Айчыннай вайны заняла асаблівае месца ў творчасці мастака, таму што горыч страт і радасць перамог мастак адчуў асабіста як удзельнік баявых дзеянняў. Ён запісаўся добраахвотнікам на фронт, адкуль у 1944 быў накіраваны ў Бабруйск, а затым у Мінскі штаб акругі, адкуль дэмабілізаваўся.Таму не выпадкова Барыс Аракчэеў стаў адным з чатырох аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» – самай маштабнай працы беларускіх мастакоў на тэму вызвалення Беларусі, якая шмат гадоў была «візітнай карткай» музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

У рамках тэматычнай выставы, прымеркаванай да 80-годдзя Вялікай Перамогі, прадстаўлены работы Барыса Аракчэева, выкананыя ў жанрах пейзажу, нацюрморта і мемарыяльныя ваенныя сюжэты. У сваіх карцінах мастак нібыта раздзяляе гісторыю Беларусі напалову, прадстаўляючы на суд гледачоў два раўнавартасныя і у тойжа час супрацьлеглыя бакі існавання – вайну і мір. Бо менавіта на гэтыя «да» і «пасля» было падзеленае жыццё мільёнаў беларусаў, якія сталі сведкамі і ўдзельнікамі кровапралітнай барацьбы за родную зямлю. Пры гэтым, сэнсавая перавага на выставе зроблена менавіта на мірных, пастаральных пейзажах, якія паказваюць беларускую зямлю ва ўсёй яе прыгажосці і разнастайнасці. Барыс Аракчэеў, чыё юнацтва прыйшлося на Вялікую Айчынную вайну, выдатна ведаў, наколькі страшная і агідная вайна і якая прыгожая, унікальная і непаўторная беларуская зямля, калі на ей пануе мірнае жыцце.  За яго будучы мастак з таварышамі па службе  змагаліся на фронце і  ў варожым тыле. Толькі чалавек, які прайшоў праз вогненны горан вайны, ведае сапраўдную каштоўнасць жыцця, памятае  горычы страт і радасць ад кожнага новага світання над палямі залатой пшаніцы.

Урачыстае адкрыццё выставы «Горыч страт. Радасць перамог» Барыса Аракчэева адбудзецца 12 мая 2025 года ў 18:00 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала). Уваход вольны.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.