Таямніцы беларускай выцінанкі: калектыўная выстава ў Пушкінцы

05.06.2025

Афиша

Мінская абласная бібліятэка запрашае сваіх пастаянных чытачоў і гасцей пазнаёміцца з унікальнай і непаўторнай выставай работ майстроў беларускай выцінанкі «Папяровыя таямніцы». Экспазіцыя арганізавана сумесна з ГА «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці».

Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання ўзораў з паперы, шырока распаўсюджана не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Рамяство, якое бярэ пачатак ў Кітаі яшчэ з XVI стагоддзя, сёння набірае папулярнасць сярод самых розных слаёў насельніцтва. Мастацтва выцінанкі выкарыстоўваецца ў вонкавым і ўнутраным афармленні прыватных дамоў і грамадскіх устаноў, упрыгожвае традыцыйныя святы. Адмысловыя арнаменты часта  пераносяцца з паперы на тканіну і выкарыстоўваюцца як этнічны элемент адзення. Сучасная выцінанка адлюстроўвае ў сабе мноства тэм: гісторыю і традыцыі нашай краіны, міфалогію, фальклор, духоўныя здабыткі і бытавыя звычкі беларусаў. У 2024 годзе беларуская выцінанка была ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Экспазіцыя, прадстаўленая ў выставачнай зале Мінскай абласной бібліятэкі, з'яўляецца па-сапраўднаму знакавай і адной з самых маштабных выстаў выцінанкі: ў ёй прынялі ўдзел сямнаццаць членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці – Валянціна Слюнчанка, Вікторыя Бародзіч, Вольга Жалняровіч, Ксенія Шацкая, Ядвіга Бяляўская, Сафія Жаўток, Карына Гетманец, Сафія Сарока, Лізавета Чырвонцава, Сафія Падкарытава, Наталля Сухая, Наталля Чырвонцава, Канстанцыя-Вікторыя Герасіменка, Людміла Валковіч-Барыс, Аксана Ралавец, Вольга Налівайка і Валянціна Пазднякова.

Дзякуючы такой прадстаўнічай і аўтарытэтнай групе майстроў-ўдзельнікаў, выстава атрымалася, як ніколі, разнастайнай і ўсёабдымнай. У работах экспазіцыі можна знайсці практычна ўсе віды і стылі беларускай выцінанкі, а разнастайныя сюжэты вар'іруюцца ад нацыянальных узораў і абстрактных фігур да гістарычных, бытавых, лірычных замалёвак. Чорна-белыя і каляровыя, малых форм і значных памераў – кожная з размешчаных выцінанак заслугоўвае сваёй персанальнай «хвіліны славы». Але, сабраныя ўсе разам работы дазваляюць атрымаць дакладны і максімальна поўны погляд на беларускую выцінанку, як на адзін з самых папулярных і запатрабаваных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі на сённяшні дзень.

Урачыстае адкрыццё калектыўнай выставы работ майстроў беларускай выцінанкі «Папяровыя таямніцы» адбудзецца 10 чэрвеня ў 18:00 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па  вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала). Уваход вольны.

 Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.