Беларусь у кожнага свая: выстава Еўразійскай мастацкай садружнасці

03.09.2025

Афиша (4)

Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна запрашае сваіх пастаянных чытачоў і гасцей сустрэць надыходзячую восень сярод жывапісных карцін і яркіх фарбаў калектыўнай мастацкай выставы «З любоўю да спадчыны» міжнароднага грамадскага аб'яднання «Еўразійская мастацкая садружнасць».

Члены Еўразійскай мастацкай садружнасці ў Мінскай абласной бібліятэцы ўжо не першы раз – іх калектыўная выстава «Лірыка восеньскага настрою» экспанавалася ў кастрычніку мінулага года. Гэтай восенню беларускія мастакі, сярод якіх – Віктар Данілаў, Леанід Гоманаў, Мікалай Мішчанка, Алена Баравая, Ала Кушнер, Людміла Хаменка і іншыя, зноў гатовыя зачараваць і здзіўляць наведвальнікаў «Пушкінкі» сваімі непаўторнымі работамі.

Выстава «З любоўю да спадчыны» ўжо адной сваёй назвай гаворыць пра глыбока лірычную і, нават, патрыятычную накіраванасць прадстаўленых карцін. Несумненна, Беларусь – краіна, у якую наканавана закахацца і якую немагчыма забыць. Кожны з мастакоў, аўтараў экспазіцыі, прапаноўвае свой унікальны погляд на родныя краявіды. Для адных, Беларусь – гэта ціхія, непрыкметныя мястэчкі, мілыя сэрцу і памяці вясковыя хаткі і невялікія празрыстыя рачулкі, у якіх можна лавіць рыбу. Для іншых, наша краіна асацыіруецаа з магутным дрэвам, якое пабачыла шмат вякоў і ведала горыч страт, але працягвае цягнуцца да святла і цвёрда стаіць на зямлі, дзякуючы караням сваіх продкаў. А яшчэ родная зямля – гэта маладыя дзяўчаты, чые валасы адліваюцца золатам збажыны, а ў вачах – бясконцы прастор васільковых палёў. Так, у кожнага  мастака выставы - свая Беларусь. І ў той жа час, кожны твор – гэта прызнанне ў любові роднай зямлі і народу, які жыве на ёй. І, як любое шчырае пачуццё, яно абавязкова павінна быць узаемным.

Урачыстае адкрыццё калектыўнай мастацкай выставы «З любоўю да спадчыны» адбудзецца 8 верасня 2025 года ў 18:30 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала). Уваход вольны.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.