Пяшчотнае дыханне жыцця: выстава Мікалая Мішчанкі
01.10.2025Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна запрашае сваіх пастаянных чытачоў, гасцей і прыхільнікаў айчыннага жывапісу наведаць чарговую персанальную выставу «Я сваё намалюю дыханне» беларускага мастака, члена МГА «Еўразійская мастацкая садружнасць» Мікалая Мішчанкі.
Работы Мікалая Мішчанкі добра знаёмыя заўсёднікам «Пушкінкі» як па калектыўных выставах Еўразійскай мастацкай садружнасці, так і па персанальнай экспазіцыі «Рэальнасць чулай цішыні», якая была прадстаўлена ў бібліятэцы восенню мінулага года. Цяперашні кастрычнік зноў прынёс прыхільнікам Мікалая Яўгенавіча прыемную нагоду сустрэць «залатую пару года» развам з жывапісам таленавітага мастака.
Асаблівасць творчасці Мікалая Мішчанкі – шчыры, амаль што сяброўскі пасыл. Мікалай Яўгенавіч не спрабуе выклікаць у гледача «гучнае» ўражанне яркімі колерамі, або груваскасцю мноства элементаў. Яго просты, лёгкі, амаль паветраны жывапіс, быццам асабістая размова, спакойная і вельмі цёплая гутарка паміж мастаком і яго гледачом, калі кожны ўспамінае нешта сваё. Мастак – старую вясковую дарогу, ўзаранае поле за хатай, пажоўклыя галінкі бярозы, заснежаны двор з калодзежам, або пакрытую тонкім ледзяным покрывам рэчку. Усе гэтыя вобразы, якія, нібы ажываюць ва ўспамінах, перанесеныя на палатно, знаходзяць «другое дыханне». І гэты подых самога жыцця мастак таксама адлюстроўвае ў сваіх работах. Беражліва і пяшчотна, быццам баючыся таго, што лёгкі подых ветру можа разбурыць ідэальную гармонію шырокіх мазкоў, прыглушаных фарбаў, сонечнага святла і ўспаміны пра тое, што ўжо ніколі не паўторыцца.
Адкрыццё персанальнай выставы «Я сваё намалюю дыханне» Мікалая Мішчанкі адбудзецца 3 кастрычніка 2025 года ў 17:30 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.