Вакол Беларусі за адну выставу
23.10.2025
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прадстаўляе ўвазе сваіх пастаянных чытачоў і гасцей калектыўную выставу работ «Беларусь самабытная» навучэнцаў цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж ім. М.К. Агінскага».
Цыклавая камісія «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» працуе ў складзе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага з 1995 года. Асноўная мэта навучання – асэнсаванне і вывучэнне народнай спадчыны, культуры і традыцый нашага краю. Акрамя выкладання малюнка, жывапісу, кампазіцыі, колеразнаўства, пластычнай анатоміі, камп’ютарнай графікі і іншых вучэбных прадметаў, тут праводзіцца вялікая творчая праца па развіцці народнага мастацтва выцінанкі, саломапляцення, аплікацыі з саломкі, разьбы па дрэве. У 2025 годзе цыклавая камісія адзначае свой 30-гадовы юбілей. За гэты час выкладчыкі падрыхтавалі і выпусцілі больш за 330 навучэнцаў. Многія з іх атрымалі вышэйшую адукацыю і выкладаюць у гарадскіх і раённых мастацкіх школах, працуюць у Дамах творчасці.
«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць» – гэтыя радкі са знакамітага верша Алеся Ставера шмат гавораць аб прадстаўленых на выставе працах. Так, каб мацней любіць сваю Радзіму, часам трэба пабыць далека ад яе. Сама Беларусь у вачах прыезджых і нават тых, хто нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі, паўстае краем майстроў і таленвітых людзей. Яскравым прыкладам такога чараўніцтва з'яўляецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, створанае рукамі вучняў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. У працах юных умельцаў, выкананых у жанрах выцінанкі, разьбы па дрэве, саламяных аплікацый і эксперыментальнага тэкстылю, прасочваюцца любоў і павага да культурнай і духоўнай спадчыны беларускага народа, якая сваімі каранямі глыбока сыходзіць у агульную глебу славянскага этнасу. Беларускія вяселлі, вясновыя карагоды, свята Масленіцы і многія іншыя сімвалы нашай нацыянальнай ідэнтычнасці знайшлі сваё адлюстраванне ва ўнікальных работах, якія дазваляюць адчуць сапраўдную народнасць і асаблівасці розных куткоў Беларусі – краіны цудаў, чараўніцтва і самабытнага, не падобнага ні на адзін іншы, народа.
Урачыстае адкрыццё калектыўнай выставы дэкаратыўна-прыкладных работ «Беларусь самабытная» адбудзецца 28 кастрычніка 2025 года ў 17:00 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.