Жывапіс, паэзія і святло душы – адкрыццё выставы Святланы Раманавай
13.11.2025
У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна 12 лістапада 2025 года адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнай выставы жывапісу Святланы Раманавай «З глыбінь крынічных…»
Выстава аб’яднала творы, у якіх мастачка праз колер і святло адкрывае ўнутраны свет чалавека і прыгажосць роднай зямлі. Карціны Святланы Раманавай – гэта нібы крыніцы, з якіх выцякае святло дабрыні, спакою і натхнення.
На мерапрыемстве, прысвечаным адкрыццю выставы, панавала асаблівая атмасфера – цёплая, душэўная, прасякнутая ўдзячнасцю і творчым паразуменнем. Са словамі падтрымкі і натхнення выступілі вядомыя прадстаўнікі беларускай культуры: графік і паэт Рыгор Сітніца, мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі і жывапісец Іван Козел.
Кожны з выступоўцаў адзначыў адметны почырк Святланы, яе здольнасць бачыць у звычайным – высокае, у зямным – духоўнае, у фарбах – музыку пачуццяў.
Асаблівым момантам вечара стала выступленне самой аўтаркі: Святлана Раманава прачытала некалькі сваіх вершаў, якія арганічна перагукаліся з настроем яе жывапісных палотнаў, а напрыканцы сустрэчы правяла для гледачоў цёплую і шчырую экскурсію па выставе, падзяліўшыся гісторыямі стварэння сваіх работ і тымі пачуццямі, якія яна ўкладала ў кожны мазок.
Юбілейная выстава жывапісу Святланы Раманавай «З глыбінь крынічных…» экспануецца ў перыяд с 12 лістапада па 22 снежня 2025 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікалы, 4 (другі паверх). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.