Майстры слова сучаснасці: фотавыстава пісьменнікаў Мінскай вобласці
11.02.2026
Мінская абласная бібліятэка запрашае сваіх пастаянных чытачоў, гасцей і ўсіх прыхільнікаў айчыннай літаратуры пазнаёміцца з аўтарскай фотавыставай Рагнеда Малахоўскага «У аб’ектыве – пісьменнікі Міншчыны». Аўтар ідэіі канцэпцыі праекта–беларускі паэт, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі прапануе гледачам серыю партрэтаў сучасных пісьменнікаў Мінскай вобласці.
Беларуская літаратура ведае і памятае несмяротныя імёны такіх класікаў, як Янка Купала, Кандрат Крапіва, Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Васіль Вітка, Ніл Гілевіч і многія іншыя. Усіх гэтых людзей, акрамя іх літаратурнай спадчыны, аб'ядноўвае месца нараджэння – Мінская вобласць. Несумненна, Міншчына стала радзімай многіх таленавітых пісьменнікаў і паэтаў, якія і сёння працягваюць традыцыі іх слаўных папярэднікаў. Партрэты калег аўтара выставы па літаратурным слове, сучасных пісьменнікаў-ураджэнцаў Мінскай вобласці ўвайшлі ў фотаэкспазіцыю Рагнеда Малахоўскага.
Геаграфія фотавыставы «У аб’ектыве – пісьменнікі Міншчыны» ахоплівае большасць раёнаў Мінскай вобласці – героямі экспазіцыі сталі ўраджэнцы Мінска, Мядзеля, Узды, Клецка, Слуцка, Валожына, Мачулішчаў і іншых гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і населеных пунктаў Міншчыны. Тых, хто пільна сочыць за дзейнасцю членаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, чакае мноства знаёмых асоб, чые творы ўпэўнена лідзіруюць у топах сучаснай беларускай літаратуры. Сярод іх – паэт і празаік, удзельнік літаратурнага аб'яднання «Нёманец» Віктар Сабалеўскі, паэтэса, пісьменніца, музыкант, кіраўнік Народнага клуба паэтаў і пісьменнікаў «Жывіца» Ірына Карнаухава, беларускі пісьменнік і паэт-песеннік Канстанцін Цыбульскі, пісьменніца, празаік, педагог, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, беларускі пісьменнік, паэт, музыкант Уладзімір Цанунін і іншыя аўтары, якія ўжо заслужылі давер сваіх чытачоў сумленнасцю, шчырасцю і актуальнасцю сваёй творчасці.
Фотавыстава партрэтаў сучасных пісьменнікаў Мінскай вобласці «У аб’ектыве – пісьменнікі Міншчыны» экспануецца ў перыяд з 10 лютага па 27 сакавіка 2026 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па вул. Гікалы, 4, аддзел чытальных залаў (трэці паверх, левае крыло). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.