Літаратурны вечар “Па Максімавых сцежках”
13.12.2023Максім Багдановіч (1891–1917) – унікальная з’ява не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай літаратуры. Гэта беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец, класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Багдановіч выступаў як крытык і гісторык літаратуры, распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу.
У рамках абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” (2022 –2023) бібліятэка рэалізавала шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю творчасці Максіма Багдановіча, які ў 1916–1917 гадах быў пастаянным чытачом бібліятэкі. Пра жыццё паэта ў Мінску ў сваіх успамінах пісаў Змітрок Бядуля: “Нягледзячы на слабое здароўе, Максім Багдановіч служыў у земстве, дзе шмат працаваў. У вольны ад службы час ён ці сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, ці дома і займаўся літаратурнай дзейнасцю”.
Самымі яркімі ініцыятывамі бібліятэкі ў рамках праекта стала арганізацыя Міжнароднага анлайн-конкурсу чытальнікаў “Пад Зоркай Венеры”, які праходзіў з 1 па 20 снежня 2022 года і сабраў каля 2000 удзельнікаў. Таксама цікавай працай стала стварэнне віртуальнага музея Максіма Багдановіча, над якім працавала некалькі аддзелаў бібліятэкі.
Падчас мерапрыемства ладзіцца прэзентацыя гэтага новага рэсурсу Мінскай абласной бібліятэкі, які падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з партнёрамі – Літаратурным музеем Максіма Багдановіча (філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.
У мерапрыемстве возьмуць удзел даследчыкі літаратуры, спецыялісты музеяў, бібліятэк, устаноў адукацыі. Вечар аздобяць майстры жывога слова, у выкананні якіх прагучаць творы Максіма Багдановіча.
Пачатак літаратурнага вечара а 15-й гадзіне ў выставачнай зале (2-гі паверх) Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікалы, 4.
Запрашаем усіх зацікаўленых!
Уваход на мерапрыемства вольны.
Тэл. для даведак: 8 (17) 394-16-84, 8 (17) 377-43-92
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства і аддзелам краязнаўчай літаратуры