Прэзентацыя віртуальнага музея Максіма Багдановіча
21.12.202318 снежня 2023 года ў ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна” прайшоў літаратурны вечар “Па Максімавых сцежках”, прымеркаваны да дня нараджэння Максіма Багдановіча. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках падвядзення вынікаў працы абласнога літаратурна-краязнаўчага праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” ў бібліятэцы.
З верасня 2022 года па снежань 2023 года ў Мінскай вобласці намаганнямі публічных бібліятэк рэалізоўваўся абласны праект “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”. Ініцыятарам праекта выступіла Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна, ажыццяўляўся ён сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і яго філіяламі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Выдавецкім домам “Звязда” (у прыватнасці, газетай “Літаратура і мастацтва”), ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, часопісам “Полымя” і Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатрам юнага гледача.
Галоўнай задачай праекта з’яўлялася захаванне памяці пра знакамітых пісьменнікаў-ураджэнцаў праз рэалізацыю разнастайных мерапрыемстваў на базе бібліятэк: святочных імпрэз; літаратурных і мастацкіх конкурсаў; правядзенне круглых сталоў і прэзентацый, прымеркаваных творчасці аўтараў-землякоў; падрыхтоўку кніжных выстаў па кнігах пісьменнікаў і гучных чытанняў іх мастацкіх кніг; удзел у навуковых канферэнцыях, дзе ёсць магчымасць падзяліцца вопытам і распавесці пра свае ініцыятывы; кантактаванне з роднымі пісьменнікаў; стварэнне літаратурных экспазіцый-музейных куткоў, прысвечаных знакамітым землякам і іншыя формы. Праект завяршыўся падвядзеннем вынікаў абласнога конкурсу на стварэнне лепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка на сайце бібліятэкі, які праходзіў з 15 сакавіка па 15 снежня 2023 года.
Максім Багдановіч (1891–1917) – беларускі пісьменнік, асоба якога зацікавіла супрацоўнікаў бібліятэкі, і менавіта яму прысвячаліся мерапрыемствы бібліятэкі ў рамках праектнай дзейнасці. На працягу 2023 года на сайце ўстановы сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча (філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва ішла праца па стварэнні віртуальнага музея Максіма Багдановіча, размяшчэнне якога стала завяршэннем праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” ў Мінскай абласной бібліятэцы.
На літаратурным вечары “Па Максімавых сцежках” былі падведзены вынікі дзейнасці бібліятэкі ў рамках праекта, а таксама прэзентаваны новы віртуальны рэсурс. Распачаўся вечар мілагучнай песняй у выкананні Алесі Сівохінай, аўтара і выканаўцы ўласных песень, рэжысёра народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”.
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнулася дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі Наталля Вашчыла, якая адзначыла значэнне творчасці Максіма Багдановіча для Беларусі і падкрэсліла неабходнасць далейшай працы па напаўненні толькі створанага рэсурсу бібліятэкі сумесна з іншымі зацікаўленымі ўстановамі, якія захоўваюць матэрыялы, звязаныя з творчасцю пісьменніка.
Ад партнёраў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча на мерапрыемства прыехалі загадчык філіяла Міхаіл Бараноўскі і вядучы навуковы супрацоўнік Ірына Мышкавец. Трэба адзначыць, што з дазволу гэтых даследчыкаў творчасці пісьменніка ў віртуальным музеі размешчаны поўныя тэксты артыкулаў з перыядычных выданняў, якімі можна карыстацца ў адкрытым доступе. Міхаіл Бараноўскі ў сваім выступленні на мерапрыемстве паведаміў пра новае адкрыццё, зробленае ў багдановічазнаўстве – іншая дата нараджэння пісьменніка (10 снежня). Шмат цёплых слоў ад яго і іншых выступоўцаў прагучала ў адрас міжнароднага анлайн-конкурсу чытальнікаў “Пад Зоркай Венеры”, які праходзіў у Мінскай абласной бібліятэцы ў 2022 годзе да дня нараджэння пісьменніка. Прыемным падарункам для бібліятэкі сталі зборнікі дакладаў па актуальных пытаннях багдановічазнаўства, перададзеныя музеем у фонды ўстановы.
Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Таццяна Лаўрык, ініцыятар і куратар абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, у сваім выступленні паведаміла пра вынікі абласнога конкурсу на стварэнне лепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка на сайце бібліятэкі, які праходзіў сярод бібліятэк Мінскай вобласці і быў завершаны напярэдадні. Таксама яна распавяла пра самыя яркія моманты праектнай дзейнасці па ўшанаванні памяці Максіма Багдановіча ў бібліятэцы. У першую чаргу, трэба адзначыць правядзенне анлайн-конкурсу чытальнікаў і карпатлівую працу бібліятэкі па стварэнні віртуальнага музея. Гледачам была прадстаўлена магчымасць прайсціся “па Максімавых сцежках” віртуальнага музея і пазнаёміцца з кожным яго раздзелам. Асобна быў зроблены акцэнт на матэрыялах з фондаў партнёраў, прадастаўленых падчас сумеснай працы, якія аздобілі старонкі рэсурсу.
Яркімі акцэнтамі святочнага мерапрыемства сталі выступленні майстроў жывога слова, у выкананні якіх прагучалі творы Максіма Багдановіча. Аляксей Дубоўскі, прызёр Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, навучэнец узорнага тэатра юнацкай творчасці пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, чытаў вершы паэта са зборніка “Вянок”. Вельмі гучным завяршэннем вечара стала натхняльнае выступленне госці з г. Магілёва – Ганны Маркавай, вучаніцы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, фіналісткі і пераможцы ў 2021 і 2022 гадах Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, а таксама пераможцы міжнароднага анлайн-конкурсу чытальнікаў “Пад Зоркай Венеры”, з апавяданнем Максіма Багдановіча “Музыка”. Чытальнікі твораў паэта атрымалі памятныя сувеніры ад Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна выказвае словы шчырай падзякі ўсім партнёрам праекта, якія працавалі сумесна з намі над віртуальным музеем Максіма Багдановіча; усім удзельнікам і пераможцам анлайн-конкурсу чытальнікаў “Пад Зоркай Венеры”, які стаў самай яркай старонкай праекта ў гэтым годзе!
Матэрыял падрыхтаваны Таццянай Лаўрык,
загадчыкам аддзела бібліятэказнаўства