Новыя матэрыялы віртуальнага музея Максіма Багдановіча
05.11.2024У рамках працы абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” (2022–2023) ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна” сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча (філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва ў канцы 2023 года на сваім сайце стварыла віртуальны музей, прысвечаны ўшанаванню памяці класіка беларускай літаратуры, пісьменніка, публіцыста Максіма Багдановіча (1891–1917). У снежні мінулага года Мінская абласная бібліятэка сумесна з партнёрамі прэзентавала музей, які размешчаны асобным банерам на афіцыйным рэсурсе ўстановы.
У 2024 годзе праца над віртуальным рэсурсам працягвалася. Ён папоўніўся новымі мастацкімі кнігамі Максіма Багдановіча, якія выйшлі ў 2023–2024 гг.
Новыя кнігі Максіма Багдановіча з фондаў Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна
У раздзел “Крытыка” далучаны літаратуразнаўчыя выданні, перададзеныя ў фонды бібліятэкі Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.
Асаблівую ўвагу заслугоўвае стварэнне новых падраздзелаў да “Ушанавання памяці” музея. На тэрыторыі Беларусі на сённяшні дзень дзейнічае тры публічныя бібліятэкі, якія носяць імя народнага песняра – бібліятэка № 8 імя Максіма Багдановіча ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска”, Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча і Смалявіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча. Кожны падраздзел змяшчае цікавую інфармацыю пра навуковыя і сацыякультурныя мерапрыемствы, падчас якіх ўшаноўвалася памяць беларускага пісьменніка ў гэтых бібліятэках.
Напрыклад, цікавасць выклікаюць чытанні вершаў Максіма Багдановіча на розных мовах свету, якія праводзіліся ў 2016 годзе ў бібліятэцы № 8 імя Максіма Багдановіча. На старонцы ў падраздзеле можна пазнаёміцца з запісамі вершаў паэта на кітайскай, туркменскай, чачэнскай, татарскай, іспанскай, літоўскай і іншых мовах. Цікавы праект “Светлы след паэта”, прысвечаны жыццю і творчасці беларускага паэта Максіма Багдановіча, рэалізуецца гэтай бібліятэкай сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча, што дазваляе больш дзяцей далучыць да бессмяротнай паэзіі класіка беларускай літаратуры.
Праект “Светлы след паэта”. 11.04.2024
Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча кожны год праводзіць самыя разнастайныя мерапрыемствы, каб узгадаць пісьменніка, чыё імя яна носіць. Традыцыйнымі сталі адзначэнне 25 мая дня ўшанавання памяці паэта, фестываль “Ракуцёўскае лета”, арганізатарамі якога выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурны музей Максіма Багдановіча і яго філіял у в. Ракуцёўшчына, Маладзечанскі райвыканкам.
Дзень памяці пісьменніка. 23.05.2024 Ракуцёўскае лета. 27.07.2024,
Смалявіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча праводзіць адкрытыя агляды літаратуры, мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці беларускага паэта. Яго літаратурная спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры, а тут чытачы могуць знаёміцца з творчасцю паэта, гартаць старонкі любімых кніг пісьменніка.
Бібліятэка ўдзячна калегам за матэрыялы, прадастаўленыя для размяшчэння ў рамках віртуальнага музея Максіма Багдановіча. Запрашаем наведаць яго старонкі і бліжэй пазнаёміцца з творчасцю класіка беларускай літаратуры!
Фота бібліятэкі № 8 імя Максіма Багдановіча і Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства.