Літаратурнае чытанне кнігі Ганны Краснапёркі “Пісьмы маёй памяці”
30.01.202324 студзеня ў аддзеле замежнай літаратуры Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту адбылося публічнае чытанне кнігі Ганны Краснапёркі “Пісьмы маёй памяці”, арганізаванае сумесна з Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна і Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Кніга Ганны Давыдаўны Краснапёркі (1925-2000), беларускай журналісткі, пісьменніцы, вязня Мінскага гета, была выбрана для адкрытага чытання нездарма. Выдадзеная на беларускай мове ў 1984 годзе не без перашкод у выдавецтве “Мастацкая літаратура” кніга стала адным з першых выданняў пра Мінскае гета ў Беларусі.
Перад чытаннем супрацоўнік Гістарычнай майстэрні Аляксандр Далгоўскі расказаў пра гісторыю Мінскага гета, месцы памяці, паказаў шэраг рэдкіх фотаздымкаў. Самыя розныя людзі наведалі мерапрыемства і ўзялі ўдзел у чытанні прапанаванай кнігі – чыталі ўслых цытаты, урыўкі, главы з кнігі, якія найбольш іх уразілі і закранулі. Кніга, жанр якой сама аўтар вызначыла як непрыдуманая аповесць, расказвае пра жахі выжывання ў Мінскім гета самой Ганны Давыдаўны, яе маці, бабулі і малодшай сястрычкі, а таксама гісторыі іншых людзей, якія воляй страшэннага лёсу апынуліся ў гета.
У дыскусіі, якая пачалася адразу пасля чытання, удзельнікі разважалі на тэму Халакосту, аб ролі ўспамінаў Ганны Краснапёркі ў сучаснай адукацыі. Сяргей Няхамкін, сын галоўнай гераіні кнігі, які наведаў мерапрыемства, расказаў цікавыя факты, якія не ўвайшлі ў кнігу, распавёў пра далейшае пасляваеннае жыццё Ганны Давыдаўны. Падчас дыскусіі стала відавочнай неабходнасць перавыдання кнігі “Пісьмы маёй памяці” з уключэннем у выданне расказа пра пасляваеннае жыццё Ганны Краснапёркі і гісторыі стварэння і жыцця самой кнігі.