“Дыялогі пра культуру” з Навумам Гальпяровічам

16.11.2024

Афіша

З бібліятэчнай залы – у інтэрнэт” – так была вызначана галоўная тэма перадачы “Дыялогі пра культуру”, якая прайшла 6 лістапада 2024 года на канале “Культура” Беларускага радыё. Аб вопыце работы бібліятэк Мінскай вобласці Навум Гальпяровіч разважаў з госцямі студыі – загадчыкам аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццянай Лаўрык і загадчыкам аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка” Юліяй Саенка.

Што сабой уяўляюць віртуальныя музеі, магчымасць выкарыстання іх матэрыялаў у працы бібліятэк, дзейнасць абласнога літаратурна-краязнаўчага праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” – такія тэмы падымаліся падчас гутаркі. Загадчыца аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык паведаміла пра віртуальныя рэсурсы, створаныя на сайтах бібліятэк у рамках абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” (2022–2023). Яна расказала пра розныя сацыякультурныя мерапрыемствы, якія арганізоўваліся сіламі публічных бібліятэк Мінскай вобласці з мэтай папулярызацыі і ўшанавання памяці беларускіх мастакоў слова, а таксама пра выхад зборніка “Мемарыяльныя віртуальныя музеі на сайтах бібліятэк: метадычныя рэкамендацыі”, выдадзены па выніках абласнога конкурсу на лепшы рэсурс пра пісьменніка-земляка на сайтах бібліятэк.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка” Юлія Саенка распавяла пра віртуальны кабінет “Гуринович Фёдор Фёдорович: виртуальный кабинет писателя-земляка”, працу па папулярызацыі творчасці пісьменнікаў Салігоршчыны. Асабліва цікава было пачуць пра сацыякультурны партнёрскі праект “Успешный альянс – библиотека и писатель” Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, накіраваны на правядзенне творчых сустрэч, інтэрактыўных мерапрыемстваў з мэтай далучэння да чытання ўсіх узроставых груп карыстальнікаў.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства.